Інфармацыйны блок
1.1. Назва тэмы вопыту.
“Мастацка-эстэтычнае выхаванне на ўроках літаратурнага чытання ў чацвёртым класе”.
1.2. Актуальнасць вопыту.
У апошні час узрасла ўвага да праблем тэорыі і практыкі эстэтычнага
выхавання як важнейшага сродку фарміравання адносін да рэчаіснасці, сродку маральнага і разумовага выхавання, гэта значыць, як сродку фарміравання ўсебакова развітай, духоўна багатай асобы.
Эстэтычныя пачуцці людзей адыгрываюць вялікую ролю ў жыцці.
Уступаючы ў розныя жыццёвыя ўзаемаадносіны з людзьмі, рэчамі і прыродай, сутыкаючыся са з’явамі грамадскага жыцця ўвогуле і са з’явамі мастацтва ў асаблівасці, дзіця пад рашаючым уплывам дарослых развівае пэўныя эстэтычныя погляды.
Галоўная задача, якая стаіць перад пачатковай школай – гэта ўсебаковае развіццё дзіцяці, ранняе выяўленне і развіццё яго творчых здольнасцей.
Эстэтычнае навучанне пранізвае ўсю арганізацыю жыццядзейнасці дзіцяці ў школе. Радасная, добразычлівая атмасфера навучання напаўняе пастаянным адкрыццём для сябе навакольнага свету, дае магчымасць выхаваць асобу, якая адчувае цікавасць і патрабавальнасць да атрымання ведаў. Мастацкай літаратуры належыць велізарная роля ў фарміраванні духоўнага свету школьніка. Яна адкрывае юнаму чытачу свет прыгожага, развівае яго эстэтычныя пачуцці.
У малодшым школьным узросце ідзе актыўны працэс мэтанакіраванага фарміравання светапогляду школьніка, маральных, ідэйных і палітычных уяўленняў, узбагачэння свету яго пачуццяў, эстэтычных перажыванняў, развіццё яго здольнасцей і інтарэсаў. Скіраванасць агульнага развіцця дзіцяці абумоўлена, першым чынам, характарам навучання. Навучанне павінна весці за сабой развіццё [6, с.16].
Чытанне літаратурнага твора – мастацка-эстэтычная дзейнасць, якая развівае пачуцці і эмоцыі дзяцей, іх творчае ўяўленне, уводзіць дзіця ў вобразны свет літаратуры. Пры вывучэнні мастацкіх твораў вучні практычным шляхам набываюць першапачатковыя веды аб літаратуры: пра асаблівасці апавядання, верша, байкі, твораў фальклору; пра выяўленчыя сродкі мастацкай мовы; пра сродкі выразнага чытання літаратурнага твора; назапашваюць веды аб аўтарах, з творчасцю якіх пазнаёміліся на ўроках класнага і пазакласнага чытання; набываюць літаратурныя ўяўленні пра будову твора, яго галоўную думку, герояў, аўтарскія адносіны да падзей. Для гарманічнага і ўсебаковага развіцця асобы вучняў я выкарыстоўваю на ўроках літаратурнага чытання разнастайны ілюстрацыйны матэрыял, творы музычнага мастацтва, жывапісу
[4, c.3].
Фарміраваць асобу і эстэтычную культуру –– асабліва важна ў найбольш спрыяльным для гэтага малодшым школьным узросце. Пачуццё прыгажосці прыроды, навакольных людзей, рэчаў стварае ў дзіцяці асабліва эмацыянальна псіхічныя станы, узбуджае непасрэдную цікавасць да жыцця, павышае дапытлівасць, развівае мысленне, памяць, волю і другія псіхалагічныя працэсы.
Прамы шлях у далучэнні школьнікаў да мастацкай літаратуры як да мастацтва - гэта, першым чынам, назапашванне спецыяльных ведаў пра літаратуру, навучанне школьнікаў аналізу твора. Ускосны шлях – гэта дасягненне аптымальных вынікаў у навучанні дзякуючы агульнаму развіццю дзяцей. Прызнаючы значэнне тэарэтычных ведаў, спецыфічных для ўспрымання і разумення мастацкіх твораў, а таксама вобразнага мыслення, Л. В. Занкоў адводзіць галоўную ролю працы над агульным развіццём малодшых школьнікаў, гэта значыць развіццю такіх агульных бакоў псіхікі, як розум, воля і пачуцці ў іх адзінстве [6, с. 20].
На мой погляд, самым магутным сродкам далучэння дзяцей да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей, фарміравання іх светапогляду з’яўляецца літаратура.
Падчас чытання і ўспрымання мастацкай літаратуры, узбагачэння жыццёвага вопыту, запасу неабходных ведаў развіваецца і мацнее ў дзіцяці здольнасць думаць славесна-мастацкімі выявамі. Па сутнасці, гэта здольнасць злучае агульнае развіццё чалавека з развіццём спецыяльным, з фарміраваннем прыватных літаратурных здольнасцей. Дыялектычную сувязь агульнага і спецыяльнага развіцця неабходна мець на ўвазе, калі гаворка ідзе пра выхаванне і навучанне школьніка. Сярэдняя школа ў масе сваёй рыхтуе не пісьменніка, не літаратурнага крытыка, не літаратуразнаўца (бо ўсё гэта магчыма толькі на ўзроўні вышэйшай прафесійнай адукацыі), а кваліфікаванага і адукаванага чытача мастацкай літаратуры. Гэту залежнасць удала выказала ў свой час М. А. Рыбнікава ў своеасаблівай формуле: "Ад маленькага пісьменніка да вялікага чытача" [3, с. 25].
Мастацкая мова выступае ў якасці агульна-культурнага асяроддзя для навучэнцаў. Выхоўваючы патэнцыял мастацкіх твораў дазваляе сфарміраваць у вучняў базавыя нормы грамадзянскай і духоўнай культуры.
1.3. Мэта вопыту.
- стварэнне аптымальных умоў для рашэння пытанняў эмацыянальнага, творчага, літаратурнага і чытацкага развіцця дзіцяці, а таксама маральна-этычнага выхавання на аснове выкарыстання разнастайных форм, метадаў і прыёмаў работы з мастацкім творам.
1.4. Задачы вопыту:
- далучыць вучняў да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей шляхам чытання і разумення сэнсу літаратурных твораў;
- развіваць сродкамі мовы і літаратуры густ, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці вучняў, грамадзянскія і маральна-этычныя якасці асобы; уцягнуць вучняў у мастацка-творчую дзейнасць і далучаць іх да эстэтычнай культуры;
- фарміраваць чытацкія ўменні і першапачатковыя веды аб літаратуры, якія неабходны для паўнавартаснага ўспрымання і разумення вучнямі мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў;
- распрацаваць асобныя заданні, фрагменты, планы-канспекты ўрокаў з выкарыстаннем разнастайных форм, метадаў і прыёмаў эстэтычнага выхавання;
- выявіць эфектыўнасць форм, метадаў, прыёмаў, накіраваных на мастацка-эстэтычнае выхаванне на ўроках літаратурнага чытання.
1.5. Працягласць працы над вопытам.
Працягласць працы – 2016-2017 гг.
Этапы працы:
падрыхтоўчы: вывучэнне псіхолага-педагагічнай і метадычнай літаратуры па тэме;
пошукавы: сістэматызацыя заданняў , планаў-канспектаў урокаў з выкарыстаннем разнастайных форм, метадаў і прыёмаў эстэтычнага выхавання;
практычны: прымяненне сістэмы заданняў, фрагментаў урокаў, планаў-канспектаў з выкарыстаннем разнастайных форм, метадаў і прыёмаў эстэтычнага выхавання на ўроках літаратурнага чытання ў 4 класе;
кантрольна-ацэначны: дыягностыка мастацкай і эстэтычнай выхаванасці чацвёртакласнікаў;
рэфлексіўны: аналіз атрыманых вынікаў, вызначэнне ўзроўню мастацка-эстэтычнага выхавння на ўроках літаратурнага чытання.
Апісанне тэхналогіі вопыту
2.1. Вядучая ідэя вопыту.
Хачу падзяліцца вопытам працы на ўроках літаратурнага чытання ў чацвёртым класе беларускамоўнай школы. Мой вопыт накіраваны на развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў, грамадзянскіх і маральна-этычных якасцей асобы сродкамі мовы, на выяўленне эфектыўнасці форм, метадаў, прыёмаў, накіраваных на мастацка-эстэтычнае выхаванне на ўроках літаратурнага чытання.
2.2. Апісанне сутнасці вопыту.
На ўроках літаратурнага чытання ў 4 класе садзейнічаю разуменню кожнага твора як мастацтва, адкрываю “таямніцы” нязведанага. Адкрыццё таямніц заключаецца ў прабуджэнні цікавасці школьніка да зместу твора, да глыбокага ўспрымання прачытанага.
Дзіця як бы ўваходзіць ва ўбачаны свет, “ужываецца” ў сам твор, адкрывае аўтарскую задуму. Толькі тады я рашаю галоўную праблему ўрока чытання – фарміраванне граматнага, эстэтычна развітага чытача, толькі тады спадзяюся на глыбокае маральна-эстэтычнае ўздзеянне мастацкага твора на асобу. Прыёмы, якія я выкарыстоўваю ў гэтай працы, разнастайныя (каменціраванне, інтэрпрэтацыя, аналіз зместу і формы, выразнае чытанне і інсцэніроўка твора) і, выкарыстоўваючы любы з іх, я абапіраюся перш за ўсё на эмацыянальную сферу дзіцяці. Вельмі важна падрыхтавацца да мастацкага выканання твора, каб знаёмства з ім стала для дзяцей нечым блізкім, асабістым, зразумелым.
Чытанне твора накіроўваю на прабуджэнне ў вучняў пачуцця радасці, прыгажосці мастацкага слова, развіццё ў іх вобразнага мыслення і звязваю з разуменнем мастацкага твора як адзінства формы і зместу, успрыманнем яго вобразнай канкрэтнасці і мастацкага абагульнення.
Пры праверцы ўспрымання прачытанага дзеці гавораць аб сваіх пачуццях, аб тым, як яны пачулі аўтара, які настрой вызваў у іх прачытаны твор. Дзеці зачытваюць урыўкі, якія ім спадабаліся. Тут жа пераходзім да выбарачнага чытання, потым – да разважання аб тым, што прачыталі.
Перад вывучэннем твораў аб прыродзе я праводжу экскурсію ў лес (наша школа знаходзіцца побач з лесам). Пачуццё захаплення прыгажосцю прыроды нельга развіць без непасрэднага з ёй сутыкнення. Падчас экскурсій мы робім фотаздымкі прыгожага навакольнага асяроддзя (прыгажосць яловых галінак, пакрытых снегам, рознакаляровыя асеннія лісты, квітнеючы каштан, цвіценне дзьмухаўцаў і г. д.). Пасля экскурсіі прапаную дзецям склаці сачыненне, апавяданне або казку, падабраць загадкі пра птушак, раслін або жывёл, якіх убачылі падчас экскурсіі, намаляваць малюнак, скласці крыжаванку.
Пры вывучэнні пейзажнай лірыкі паралельна выкарыстоўваю творы жывапісу і музыкі, што спрыяльна ўздзейнічае на выхаванне любові да прыгожага і дастаўляе эстэтычную асалоду. Музычны твор праслухоўваем разам з дзецьмі да чытання верша. Паказ карціны, фотаздымка, малюнкаў праводжу пасля прачытвання верша і яго аналізу, тады зрокавы вобраз дапаўняе славесны. Гэта супастаўлены аналіз: чым адрозніваецца жывапісны вобраз ад паэтычнага? Я замацоўваю гэтыя адрозненні: у карціне паказаны вобраз, які перадае пэўны настрой і вызывае пэўнае пачуццё, а ў вершы ёсць дынаміка, развіццё пачуцця і настрою. Адным з эфектыўных прыёмаў мастацка-эстэтычнага выхавання пры рабоце над творам аб прыродзе – слоўнае маляванне. Каб стварыць слоўную карціну вучань не проста “ўключае” зрокавую памяць, а “бачыць” аўтарскі тэкст, малюе ў сваім уяўленні карціны, адэкватныя паэтычным апісанням. На ўроках я выкарыстоўваю творчыя заданні. Пасля вывучэння твораў аб зіме (вясне, восені, леце) прапаную заданне “Дапоўніць табліцу”. У чацвёртым класе дзеці ўжо добра ўмеюць пісаць сінквейн – гэта своеасаблівы белы верш, які складаецца з пяці радкоў і напісаны згодна з наступным алгарытмам. Прапаную заданні, накіраваныя на развіццё творчых здольнасцей “Складзі працяг твора”, “Хвілінка творчых адказаў”, на развіццё назіральнасці за рыфмай “Аднаві верш” , “Складаем загадку”, на выпрацоўку выразнасці чытання “Прачытай выразна”, “Скажы хутка”, намаляваць эпізод, які спадабаўся, арганізаваць выставу малюнкаў. Такія заданні дзеці выконваюць з вялікім задавальненнем. Так з урока ў урок ствараю ўмовы для цэласнага і глыбокага эстэтычнага ўспрымання пейзажнай лірыкі, фармірую ўстойлівае пачуццё любові да роднай прыроды, яе бясконцай прыгажосці.
Эмацыянальнае ўспрыманне твора арганізую шляхам разглядання рэпрадукцый карцін, фотаздымкаў, праслухвання фанаграм у пачатку і канцы вывучэння раздзелаў, прысвечаных порам года. Ствараю мультымедыйныя прэзентацыі.
Пад час знаёмства з новым раздзелам “Мяккі снег лятае пухам, і канца яму няма ...” паказваю дзецям рэпрадукцыі карцін і фотаздымкі з адлюстраваннем зімовага пейзажу – гэта рэпрадукцыі карцін мастакоў А. Пластова “Першы снег”, Шышкіна “Зіма”, і іншыя. Таксама знаёмлю вучняў з музычнымі творамі кампазітараў П. І. Чайкоўскага “Поры года . Зіма” і А. Вівальдзі “Поры года. Зіма”.
Выкарыстанне аўдыёзапісаў павышае ў вучняў цікавасць да вывучэння прадмета, павышае эмацыянальны настрой, вучыць быць уважлівымі, развівае ўяўленне, фантазію.
Пасля праслухоўвання музычнага твора я дзецям задаю пытанне :
– Што вы ўявілі, калі слухалі музычны твор?
Вывучаючы твор Я. Коласа “Першы снег”, дзеці разглядаюць рэпрадукцыю карціны А. Пластова “Першы снег”. Звяртаю ўвагу дзяцей на выкарыстаныя мастаком колеры і адценні. Даю апісанне карціны. Затым прапаноўваю параўнаць змест твора і змест карціны, знайсці агульнае і адрозненні.
Знаёмства з раздзелам “Вясна прыйшла, каб святам стаць…” адбываецца праз слуханне аўдыёзапісаў П. І. Чайкоўскага “Поры года. Вясна” і А. Вівальдзі “Поры года. Вясна”, спеваў птушак, звону ручая. Каб пашырыць кругагляд вучняў, выхаваць эстэтычны густ, падняць настрой, выкарыстоўваю рэпрадукцыі карцін Саўрасава “Гракі прыляцелі”, “Веснавы дзень” і іншыя (эл. дадатак 3). На ўроку па тэме К. Каліна “Буслы” выкарыстоўваю аўдыязапіс песні “Родны бусел” (сл. Н. Галіноўскай, муз. С. Галкінай), малюнкі з выявамі буслоў.
На ўроку па вершы Ю. Свірка “Свята” паказваю рэпрадукцыі карцін “Сіксцінская мадонна” італьянскага мастака Рафаэля (маладая маці з дзіцём на руках у залацістым ззянні аблокаў), “Партызанская мадонна” нашага беларускага мастака М. Савіцкага. Прапаную вусна намаляваць вобраз маці. Мастакі ў сваіх творах паказваюць клапатлівую маці, якая любіць і аберагае сваіх дзяцей ад усялякіх няшчасцяў і цяжкасцей.
Важнае месца на ўроку займае такая форма работы, як інсцэніраванне. Яно паглыбляе разуменне зместу твора, а пастаноўка ўтварае зрокавы рад. Дзеці з вялікім задавальненнем выконваюць ролі герояў. Правядзенне інсцэніроўкі садзейнічае прабуджэнню творчай думкі дзяцей, узнікненню жадання, запатрабаванасці да стварэння самастойных мінідраматычных сцэн на аснове асабістых назіранняў, уласнага вопыту. Інсцэніруем тэксты, якія валодаюць яркім, цікавым сюжэтам, вострым канфліктам, выразнымі дыялогамі, запамінальнымі характарамі (В. Жуковіч “Паляўнічы і рыбак”, В. Жуковіч “Кніга”).
На ўроках літаратурнага чытання ў 4 класе я адводжу вялікае значэнне ілюстраванню твораў. Яно прадстаўляецца творча: чытанне вершаў, выкананне песень, малюнкі да твораў, падпісаныя радкамі з тэксту, стварэнне дыяфільмаў да вершаў.
Вялікую ўвагу звяртаю на ўроках на развіццё маўлення. Гэта слоўнае маляванне, розныя віды пераказу, апавяданне па малюнках, ілюстрацыях, складанне казак, прыдумванне канцоўкі са шчаслівым канцом.
Удзяляю вялікую ўвагу стварэнню ўмоў, якія забяспечваюць свабоду самавыражэння дзяцей, развіццё іх эмацыянальнай і духоўнай сферы. Выкарыстоўваю такія прыёмы:
1. “Дрэва творчасці”: на дрэве дзеці прымацоўваюць лісточкі, кветкі, плады, сняжынкі, на якіх выконваюць творчыя заданні.
2. “У гасцях у казкі” , дзе жывуць любімыя героі з прачытаных твораў.
3. “Мая далонька поспеху”: на этапе падвядзення вынікаў на ўроках пазакласнага чытання.
4. Рэлаксацыя ў пачатку ўрока.
Шырока выкарыстоўваю ў сваёй працы чытанне па ролях, выбарачнае чытанне. Чытанне па ролях павышае эмацыянальнасць урока, ажыўляе яго, дапамагае вучням больш поўна зразумець асаблівасці характару кожнага персанажа твора.
Выбарачнае чытанне на ўроках служыць важным аргументам у ацэнцы той ці іншай літаратурнай з’явы, паказчыкам таго, як вучні засвоілі матэрыял, авалодалі тэхнікай і выразнасцю чытання. Вучу дзяцей вылучаць з тэксту вобразныя словы, трапныя выразы для апісання героя або пейзажнай замалёўкі.
На сваіх уроках шырока выкарыстоўваю беларускі фальклор: прыказкі і прымаўкі, загадкі, заклічкі, песенькі. Дзецям часта даю заданне падабраць прыказку ці прымаўку да таго ці іншага твора. Часта выкарыстоўваю заданне “Складзі прыказку са слоў”, або “Прыказка рассыпалася”. Вучні з вялікай цікавасцю вывучаюць этнаграфічную спадчыну беларусаў.
Урокі літаратурнага чытання праводжу з выкарыстаннем такіх формаў, як урок-падарожжа, урок-конкурс, урок-абагульненне, урокі драматызацыі і іншыя.
2.3. Рэзультатыўнасць і эфектыўнасць вопыту.
Паказчыкам рэзультатыўнасці майго вопыту з’яўляюцца крытэрыі. Крытэрыем майго вопыту было вызначэнне ўзроўню эстэтычнай і мастацкай выхаванасці вучняў.
Для вызначэння ўзроўню эстэтычных праяўленняў дзяцей у выяўленчай дзейнасці быў выкарыстаны мастацка-экспрэсіўны тэст, які дазволіў прадыягнаставаць узровень развіцця эмацыянальных уяўленняў. Рэзультаты дыягностыкі прыведзены ў табліцы 1.1. і паказаны на дыяграме 1.1.
Для дыягностыкі ўзроўня эстэтычнай выхаванасці я правяла анкетаванне. Вынікі паказаны на дыяграме 1.2.
Праведзеная праца дазволіла судзіць аб кампетэнтнасці дзяцей у абазначаным крузе пытанняў і аб іх адносінах да выдзеленых кампанентаў, якія раскрываюць сутнасць эстэтычных якасцей. Аналіз анкеты паказаў, што ў школьнікаў узровень эстэтычнай выхаванасці знаходзіцца на высокім узроўні. Дзеці наведваюць установы культуры і ў большасці лічаць, што гэта неабходна для культуры развіцця кожнага чалавека. На пытанне: “Кладучыся спаць, ці ўспамінаеце месцы, дзе вам спадабалася (музеі, тэатры, выставы, канцэрты)” , “так”- адказалі 4 вучні,“не” – 1, “часам” -0. Нягледзячы на такую цікавасць малодшых школьнікаў да розных відаў мастацтва, у іх усё ж назіраецца абмежаванасць у ведах непасрэдна пра самое мастацтва. На пытанне “Ці любіце вы выдумваць неіснуючых герояў і апавяданні пра іх?” ”так” адказалі 2 вучні, “не” - 2, “часам”- 1 вучань. Гэта гаворыць аб тым, што дзіця малодшага ўзросту у сілу сваіх псіхічных асаблівасцей не можа мець сфарміраваных эстэтычных ідэалаў. Але яны называюць розных казачных персанажаў, суперажываюць ім і ацэньваюць іх учынкі. Называючы музычныя творы, аддаюць перавагу не толькі забаўляльнай музыцы, але і ўслухоўваюцца ў гукі прыроды, спевы птушак, шум лістоў. Пра што гавораць лічбы: “так” – 4, “не” – 1, “часам” – 0.
Таксама была праведзена методыка ранжыравання, якая мяркуе размяшчэнне слоў, паняццяў у вызначанай паслядоўнасці, у парадку ўзрастання ці змяншэнні іх значнасці для суб'екта. Абагульніўшы вынікі дадзенай методыкі, я вызначыла, што 1 вучань –20% дзяцей аддае перавагу наведванню канцэрта, музея, карціннай галерэі, 3 вучні–60% дзяцей аддаюць перавагу наведванню тэатра, кіно, заапарка і цырку, 1 вучань – 20 % дзяцей аддае перавагу наведванню дыскатэкі, кіно, сталовай. Дадзеныя даследванні я паказала на дыяграме 1.3.
Узровень сфарміраванасці эстэтычнага выхавання ўзрос на 50%. Табліца 1.2. і дыяграма 1.4.
Паказчыкам рэзультатыўнасці майго вопыту з’яўляецца высокая актыўнасць вучняў у мерапрыемствах мастацка-эстэтычнай накіраванасці: літаратурны конкурс “Скарбніца беларускіх вершаў” – 1 месца ў раёне, конкурс чытачоў вершаў ”Беларусь мая сінявокая” –1, 2 месца, конкурс патрыятычнай песні – 3 месца, конкурс агітбрыгад “Салдацкія зоркі” – 1 месца, удзел у канцэртах, прысвечаных Дню маці, 8 сакавіка, 23 лютага, 9 мая.
Паказчыкам эфектыўнасці вопыту з’яўляецца і тое, што ў дзяцей узрасла цікавасць да вывучэння прадмета. Гэта паказала анкета “Мой любімы прадмет”. На пачатку даследвання літаратурнае чытанне не ўваходзіла ў кола любімых прадметаў. На прыканцы даследвання анкета паказала, што 3 вучні, а гэта 60%, маюць павышаную цікавасць да ўрокаў чытання. Гэта відаць ў дыяграме1.5.
Заключэнне
Мастацкія кнігі дазваляюць дзецям быць актыўнымі, паказваць свае веды па праграме літаратурнага чытання. Аналіз вопыту працы сведчыць пра найбольш дзейснае навучанне.
Станоўчыя вывады вопыту: удалося далучыць вучняў да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей шляхам чытання і разумення сэнсу літаратурнага чытання твораў, узрасла цікавасць да прадмета “Літаратурнае чытанне”, лягчэй вырашаюцца маральныя праблемы.
Выступала з дакладам па тэме “Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроках літаратурнага чытання” на раённым вучэбна-метадычным аб’яднанні намеснікаў дырэктароў, правяла серыю адкрытых урокаў па прадмету “Літаратурнае чытанне”, на якіх рэалізавала вопыт па заяўленай тэме, сабрала дыдактычны матэрыял да ўрокаў літаратурнага чытання ў 4 класе па тэме вопыту, распрацавала мультымедыйныя прэзентацыі, сабрала музычныя творы, стварыла папку “Карцінная галерэя”, дзе сабрала рэпрадукцыі карцін вядомых мастакоў.
Свой вопыт буду прапаноўваць сваім калегам, выкарыстоўваць на ўроках выяўленчага мастацтва.
Выснова напрошваецца сама сабой – трэба вучыць дзяцей бачыць прыгожае, развіваць у іх эстэтычныя пачуцці, уменне ўспрымаць прыгожае, дапамагаць дзецям адкрываць гэты свет.
Спіс выкарыстаных крыніц
1.Воспитательная работа в начальной школе: Педагогическая диагностика: методические указания /Г.С. Поддубская //– Могилев: УО «МГУ им. А.А. Кулешова», – 2010.
2.Гармоническое развитие личности младшего школьника /А. В. Кузнецова//Издательство. Просвещение. 1988.
3.Литературное развитие школьников/Н .Д. Молдавская // – Москва. – «Педагогика». – 1976г.
4.Літаратурнае чытанне ў 4 класе: вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / І. А. Буторына // –Мінск: нацыянальны інстытут адукцыі. 2014.
5.Методика организации эстетического воспитания младших школьников: учебно-методическое пособие для учителей начальных классов /Ю.С. Любимова, В.В. Буткевич //– Минск: Пачатковая школа, – 2008 .
6. Чтение и развитие младших школьников / З. И. Романовская// – Москва. Педагогика.1982.
7.Классное руководство: рабочие диагностики/ Шуркова Н.Е.// – Москва. Педагогическое общество России, 2001.
8.https://infourok.ru/material.html?mid=46069а. 1982 .
9.http://festival.1september.ru/articles/102464/
раскрыть » / « свернуть